Лукашэнка і не думае пра транзіт улады? Эксперт — пра сэнс УНС

Чарговае бессэнсоўнае страсанне паветра

Чарговае бессэнсоўнае страсанне паветра / racyja.com

У Мінску завяршыўся сёмы “Усебеларускі народны сход” — наменклатурны форум, падчас якога Лукашэнка дзяліўся сваімі меркаваннямі па “лёсавызначальных” пытаннях для Беларусі. УНС мог стаць этапам транзіту ці хаця б пераразмеркавання ўлады ў Беларусі, але апынуўся бессэнсоўнай прапагандысцкай падзеяй. Такую думку падчас эфіру на Еўрарадыё выказаў гісторык і палітычны аглядальнік Аляксандр Фрыдман.

“Практычных вынікаў там няма і быць не можа, бо Лукашэнку на дадзены момант ён [УНС] не патрэбны. Сход планаваўся як варыянт транзіту ўлады, але працэса [перадачы ўлады] на дадзены момант не назіраецца. Лукашэнка пра дадзены транзіт не разважае і разумее: калі б ён хацеў сысці цяпер з улады, невядома ці дазволілі б яму гэта зрабіць яго расійскія сябры. Ён ім патрэбны на чале краіны, у аперацыйным кіраўніцтве. І не толькі як кантралёр”.

Лукашэнка і не думае пра транзіт улады? Эксперт — пра сэнс УНС
Удзельнікі Усебеларускага народнага сходу / belta.by

Падзеі 2020 года напалохалі Лукашэнку, але ўзрост прымушае яго думаць пра нешта накшталт транзіту ўлады. На выпадак, калі прыйдзецца сысці з прэзідэнцкай пасады, былі задуманыя Канстытуцыйная рэформа і “Усебеларускі народны сход”.

“Але тое, што сход адбываецца менавіта цяпер, паказвае, што УНС Лукашэнку ўжо цалкам не патрэбны. Быў бы патрэбны насамрэч — правялі б у 2022 ці 2023 гадах. А правялі ў 2024 годзе. Гэта сімвалічны час для Лукашэнкі — 30-годдзе ва ўладзе, ягонае ўласнае 70-годдзе. Правесці такі сход, які ўласна яму падабаецца, было для яго прынцыпова важна”.

У прапагандысцкім сэнсе сёлетні УНС — вялікая пляцоўка для трансляцыі гледзішча Лукашэнкі на будучыню Беларусі. Ён робіць жорсткія і правакацыйныя заявы, каб прыцягнуць увагу да сябе і да падзеі. 

“Ну, яны яго правялі [праз галасаванне], кіраўніком абралі, але ніякай практычнай неабходнасці ў дадзены момант няма. Праз пэўны час тэма сыйдзе з парадку дня і пра яе ўжо ніхто не ўзгадае”, — падсумоўвае Фрыдман.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі