Суддзя, якая судзіла Ціханоўскага, прасілася вярнуцца на працу ў КДБ

Алена Шайн

Алена Шайн / УУС Гомельского облісполкома

Гомельская суддзя Алена Шайн у разгар пратэстаў пісала ў КДБ з просьбай дазволіць ёй вярнуцца туды на працу. Яе гісторыю ў базе зваротаў у КДБ, якую выклалі "Кібер-партызаны", знайшоў сайт "Флагшток".

9 верасня 2020 года Шайн напісала ліст першаму намесніку старшыні КДБ Сяргею Церабаву, які раней працаваў начальнікам УКДБ па Гомельскай вобласці. Яна прасіла пра асабісты прыём і разгляд пытання пра яе працаўладкаванне.

Па словах Шайн, з 2009 да 2015 года яна праходзіла службу ў органах дзяржаўнай бяспекі. Потым яе звольнілі ў запас, бо Лукашэнка прызначыў яе суддзёй. У 2019 годзе яна захацела вярнуцца на службу ў КДБ — пасля заканчэння пяцігадовага тэрміну паўнамоцтваў суддзі. Па яе словах, кадравая служба КДБ узгадніла гэтае пытанне з Церабавым, і кандыдатуру Шайн прызналі годнай.

"У далейшым я прайшла ўсе этапы, прадугледжаныя для кандыдата на службу, не маю медыцынскіх супрацьпаказанняў, не здзяйсняла дыскрэдытуючых учынкаў, станоўча характарызавалася як падчас працы следчым, так і суддзёй, кіраўніцтва УКДБ па Гомельскай вобласці хадайнічала аб прыёме мяне на службу", — заяўляла яна.

Але 1 верасня 2020 года Шайн даведалася, што яе адмовіліся прыняць на службу ў КДБ, прызнаўшы гэта немэтазгодным. Яна прасіла Церабава прагледзець яе асабістую справу і хадайнічаць перад тагачасным старшынёй КДБ Валерыем Вакульчыкам пра перагляд кадравага пытання.

"Я з'яўляюся кваліфікаваным юрыстам, валодаю высокім аб'ёмам ведаў і практычных навыкаў, якія хачу прымяняць, вырашаючы, у межах кампетэнцыі, задачы, якія стаяць перад Камітэтам дзяржаўнай бяспекі. Я ганаруся тым, што з'яўляюся афіцэрам запаса, шчыра жадаю працягнуць службу. Мяркую, што па сваіх маральна-дзелавых якасцях я здольная годна даць рады службовым абавязкам, калі мне будзе аказаны высокі давер. У сваю чаргу, гатовая служыць на той пасадзе і той мясцовасці, дзе гэта будзе максімальна адпавядаць мэтам і задачам органаў дзяржаўнай бяспекі", — пісала Шайн.

Аднак у выніку былая суддзя сышла ў дэкрэт. У канцы 2022 года яна згадваецца як вядучы спецыяліст аператыўнага аддзялення штаба УУС Гомельскага аблвыканкама, член пярвічнай арганізацыі Беларускага саюза жанчын.

Алена Шайн фігуравала ў некалькіх палітычных справах. У 2021 годзе яна праходзіла пацярпелай па справе супраць гродзенца, якога абвінавацілі ў абразе прадстаўніка ўлады. Яго асудзілі на 4,5 года калоніі ўзмоцненага рэжыму. Шайн атрымала ад яго 1500 рублёў матэрыяльнай кампенсацыі за каментар у інтэрнэце і перадала іх у дзіцячую бальніцу.

Як суддзя Савецкага раёна Гомеля Шайн прысудзіла не менш за 37 сутак арышту і 920 рублёў штрафу па палітычных справах. У 2017 годзе яна судзіла журналіста Яўгена Меркіса за стрым каля будынка суда і аштрафавала яго.

На пачатку 2020 года Шайн судзіла Сяргея Ціханоўскага. Падчас працэсу ён спытаў у яе, ці праўда, што яна працуе ў КДБ. Жанчына на пытанне не адказала і прысудзіла Ціханоўскаму адміністрацыйны арышт.

А вось суд над журналісткай Ларысай Шчыраковай закончыўся не вельмі традыцыйна. У 2016 годзе Шайн спыніла адміністрацыйную справу супраць Шчыраковай (цяпер асуджанай па крымінальных артыкулах, прызнаная палітвязнем). Тады міліцыянты абвінавацілі ў працы без акрэдытацыі на тэлеканал "Белсат", але доказаў міліцыя не падала. Шайн стала на бок журналісткі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі